Адрас райвыканкама:
222531 Мінская вобласць, г. Клецк, пл. Маякоўскага, 10

Тэлефон прыёмнай:
(8-01793) 50-4-87

Факс: (8-01793) 50-6-39

E-mail:isp@kletsk.gov.by

Адзіны тэлефонны нумар
даведачнай службы "Адно акно":

142

Новабудоўля па вул. Савецкай
Новабудоўля па вул. Савецкай
Галоўная / Рэгіён / Гісторыя

Гісторыя

Клецк – адзін з многіх невялікіх раённых гарадоў Беларусі. Гісторыя яго своеасаблівая і самабытная. Старажытны горад, які ўзнік на прыродным ўзвышшы левага берага ракі Лань, па сведках, старэйшы за Маскву на 20 гадоў. Ён збярог і рэшткі вала, і замкавую гару, і ландшафт з былым балотам, якія падкрэсліваюць, што месца для горада выбіралася так, каб можна было абараніцца ад варожых набегаў.

Пачаткам біяграфіі горада Клецка лічаць 1127 год. Узнік ён на месцы феадальнага замка. І ўжо ў той час быў цэнтрам княства ў складзе Турава-Пінскай зямлі, меў шырокія гандлёвыя сувязі з Кіевам і Валынню. У пачатку ХІV стагоддзя ўвайшоў у Вялікае княства Літоўскае.

З 1442 г. Клецк знаходзіўся ў валоданні сына вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча — Міхаіла Сігізмундавіча Мазавецкага, які пасля гібелі свайго бацькі, забітага палітычнымі супернікамі, прэтэндаваў на вялікакняжацкі прастол.

У 1452 годзе Клецк пераходзіць у валоданне вялікага князя літоўскага Казіміра, які да таго часу стаў і польскім каралём. Пазней горад быў падораны бароўска-серпухаўскаму князю Івану Васільевічу Яраславічу, які ўцёк у беларуска-літоўскую дзяржаву ад пераследаў вялікага князя маскоўскага Васіля ІІ. Сын Івана Васільевіча — Фёдар таксама валодаў Клецкам.

Памятае Клецк і караля Жыгімонта І Старога і яго жонку-італьянку каралеву Бону Сфорца. Пасля яе смерці горад у 1558 годзе перайшоў да Радзівілаў. У сярэдзіне ХVІ стагоддзя тут пры падтрымцы Мікалая Радзівіла Чорнага актыўна дзейнічалі пратэстанты — кальвіністы і арыяне. У 1560-62 гадах у Клецку прапаведаваў знакаміты рэлігійны палеміст, гуманіст, асветнік і філосаф Сымон Будны, якога не без падстаў называюць «беларускім Вальтэрам». Менавіта ў Клецку Будны напісаў свой знакаміты «Катэхізіс» — першую кнігу на беларускай мове, надрукаваную на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў 1562 годзе ў нясвіжскай друкарні.

У 1579 годзе Клецк становіцца цэнтрам ардынацыі — непадзельнай і неад'емнай феадальнай латыфундыі, якую наследавалі па праве першародства. Ардынацыя была зацверджана каралём Стэфанам Баторыем ў 1586 годзе, і першым клецкім ардынатам (а ўсяго іх было 14) стаў Альбрэхт Радзівіл. Пражыўшы ўсяго толькі 34 гады, гэты бліскуча адукаваны арыстакрат праявіў сябе і як мужны рыцар у ваенных кампаніях, і як таленавіты дыпламат у перамовах Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай аб заключэнні міру паміж дзвюма краінамі ў 1581-82 гг. За ўдзел у стварэнні вышэйшага апеляцыйнага суда — Галоўнага Літоўскага Трыбунала – ён атрымаў ад сучаснікаў мянушку «літоўскага Юстыніяна».

Пасля, у 1874 годзе, Клецкая ардынацыя злілася з Нясвіжскай ардынацыяй Радзівілаў і ў такім выглядзе праіснавала да 1939 года (360 гадоў!). На чале абедзвюх ардынацый стаялі «прускія» Радзівілы, што паходзілі з клецкай галіны, нашчадкі якіх працягваюць знакаміты магнацкі род і цяпер.

Аднак вернемся ў Клецк на некалькі стагоддзяў назад. Горад не абышлі войны сярэдзіны ХVІІ — пачатку ХVІІІ стагоддзя. Яго рабавалі і палілі і казакі ваяводы Хаванскага, і шведы. У полымі гэтых войнаў назаўжды загінулі замкавыя і фартыфікацыйныя збудаванні горада, незвычайна маляўнічае аблічча якіх даносіць да нашых дзён гравюра Клецка пачатку ХVІІ ст., выкананая вядомым картографам і гравёрам Томашам Макоўскім. Адраджэнне тут пачалося толькі з сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Клецк увайшоў у склад Расійскай імперыі і стаў мястэчкам у Слуцкім павеце Мінскай губерні.

Біяграфія Клецка XI-XIX стагоддзяў багатая на розныя падзеі. Быў ён пад уплывам Літвы і ўласнасцю Радзівілаў, рабавалі яго татары і палілі шведы. Багатая і на рэвалюцыйныя падзеі Клецкая зямля. Летам 1863 года ў вёсцы Заастравечча адбылося сутыкненне паўстанцаў Кастуся Каліноўскага з царскімі жандарамі і казакамі.

Востра праходзіла рэвалюцыйная барацьба ў раёне ў 1905-1917 гадах. У сярэдзіне лістапада 1917 года ў раёне была ўстаноўлена Савецкая ўлада, за кароткі час на тэрыторыі цяперашняга Клецкага раёна было адкрыта 30 школ, з'явіліся хаты-чытальні, бібліятэкі. Але ўжо ў другой палове красавіка 1919 года белапалякі акупіравалі горад, а па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 года горад Клецк увайшоў у склад Польшчы. 17 верасня 1939 г. Клецк быў вызвалены часцямі Чырвонай Арміі.

У студзені 1940 г. Клецк становіцца раённым цэнтрам Баранавіцкай вобласці.

Ствараюцца раённая партыйная і камсамольская арганізацыі, выканкам раённага Савета дэпутатаў працоўных.

Вераломны напад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на Савецкую краіну перапыніла мірнае жыццё і на Клецкай зямлі. 27 чэрвеня 1941 г. гітлераўцы захапілі горад Клецк, і толькі 2 ліпеня 1944 г. Клецкі раён быў вызвалены ад акупантаў.

Да сакавіка 1945 года былі адноўлены тры млыны, 3 спіртзаводы, электрастанцыя, бальніца на 70 ложкаў, 62 школы. Да 19 ліпеня 1945 года ў горадзе працавала 12 мясцовых прадпрыемстваў, якія былі адноўлены, тэлефонная станцыя, тэлеграф, радыёвузел. Да пачатку 1951 года ў раёне створана 17 калгасаў і 3 саўгасы.

У студзені 1963 года Клецкі раён быў скасаваны і далучаны да Нясвіжскага, а ў жніўні 1966 года яго зноў аднавілі.