«Клецк» згуляе ў фінале Кубка Мінскай вобласці па міні-футболе
Каманда "Клецк" на гэтых выхадных згуляла ў першым афіцыйным турніры пасля заваёвы залатых медалёў чэмпіянату Мінскай вобласці па футболе. Нашы землякі прынялі старт у Кубку Міншчыны па міні-футболе.У папярэдніх гульнях турніру, якія праходзілі 16 і 17 студзеня ў Мар'інай Горцы, клятчане сустрэліся з трыма калектывамі з Пухавіцкага раёна і клубам з горада Узда.
У напружаным супрацьстаянні з узденцамi спартсмены з берагоў Лані святкавалі перамогу з лікам 5:4. Хет-трыкам у матчы адзначыўся Максім Агейчык. Затым нашы хлопцы ўпэўнена ўзялі верх над "Вікторыяй" - 8:2. У паядынку па тры мячы забілі Максім Агейчык і Уладзіслаў Чабатар, а Аляксандр Свірыд адзначыўся дублем.
У пакінутых двух сустрэчах залатыя медалісты першынства Мінскай вобласці без працы разабраліся з камандамі "Зорка" (6:2) і "Парашутыст" (7:1).
У выніку "Клецк" заняў першае месца ў групе "Г" і выйшаў у фінальную частку Кубка Міншчыны па міні-футболе. У вырашальнай стадыі клятчане сустрэнуцца з трыўмфатарамі астатніх чатырох груп.