У Клецку прайшла шоу-праграма "А ў нас у двары"

Тэатралізаваная шоу-праграма "А ў нас у двары" ў нядзелю, 28 лістапада, падарыла клятчанам незабыўны вечар.
Назва творчага праекта цалкам адпавядала зместу таго, што адбывалася на сцэне на працягу амаль дзвюх гадзін. Спецыяльна для яго на сцэне стварылі дэкарацыю шматпавярховага дома, які святкаваў свой "юбілей" - 27-годдзе.
Зорны склад культурнага небасхілу Клетчыны цешыў сваіх прыхільнікаў выдатным выкананнем любімых песень.
Для жыхароў і гасцей горада спявалі: мужчынскі народны вакальны ансамбль "Неруш" і жаночы вакальны ансамбль "жамчужына", браты Юрый і Аляксей Майсейчыкі, Ірына Мінец і Уладзімір Снарскі, Марыя Бандарык, Вольга Давідзюк, Яўген калодка і многія іншыя.
Такімі ж добра вядомымі былі і жыхары дома. Больш па галасах, чым па вонкавым вобразу, даведваліся мы Ларысу Унгуран і Наталлю Войцік, Андрэя Тупальскага і Вольгу Іванейчык, Васіля Жданко і іншых таленавітых землякоў.
Па бурных апладысментах, якія суправаджалі ўсе выступы і жарты, адгадвалася, што клятчане засумавалі па канцэртных праграмах, якія ў сувязі з пандэміяй каранавіруса даўно нас не запрашалі ў раённы цэнтр культуры.
Хочацца сказаць: "Дзякуй за цудоўны вечар!" Спадзяемся, што снежань месяц зноў падорыць нам незабыўныя хвіліны ў коле творчых і таленавітых людзей!
Крыніца: Да новых перамог